... страшней назіраць разбурэньне арганізму мовы. На жаль, пераважная частка «сьведамых» носьбітаў мовы ёсьць насамрэч расейскамоўнымі людзьмі, [Карэктней было б сказаць «расейскадумнымі», гэта значыць, беларускай мовай яны карыстаюцца часта, а мо' й штодзённа, але так, як замежнай, хоць і ўважаюць за сваю.] якія, трэба аддаць належнае, ад шчырых патрыятычных пачуцьцяў карыстаюцца невялікай колькасьцю беларускіх слоў. Рэшта лексыкону — гэта расейская лексыка, «абутая» ў беларускую фанэтыку.
Усіх казусаў у адным палемічным артыкуле не апішаш, дык прапаную пытаньне «на засыпку»… Як перакласьці на беларускую мову расейскае слова осматриваться? Б’юся аб заклад, што бальшыня ня ведае. Вы думаеце «аглядацца»? Не! А можа, «азірацца»? Таксама не!!! І «аглядаюцца» і «азіраюцца» толькі назад, а нам трэба — вакол. Па-беларуску гэта будзе — разглядацца, і ніяк інакш. А хто ня верыць — хай пачытае нашых старых пісьменьнікаў. Цяпер удакладнім заданьне, вось вы прыехалі ў незнаёмую мясцовасьць і сталі, што называецца па-расейску, осматриваться по сторонам, як гэтае словазлучэньне выбудаваць па-беларуску? У асноўнай сваёй масе адэпты і «наркамаўкі» і «тарашкевіцы» будуць адказваць аднолькава несамавіта. Ну, першыя, мабыць, прапануюць «аглядацца па баках», другія — «азірацца па бакох». З грунту ж, розьніца невялікая, і тая, і другая фраза — скалькаваныя з расейскае мовы. А ў жывой беларускай гаворцы аналягічнае словазлучэньне мусіць чытацца так: разглядацца на бакі. Але гэта яшчэ ня ўсё...
Вось вы ўбачылі нейкую будыніну, аточаную прыбудовамі, пра якія па-расейску можна сказаць, што яны стаяць — по бокам. А па-беларуску? Ізноў жа — не «па баках» і не «па бакох»! І ўжо, натуральна, не «на бакі». Цяпер пра тыя прыбудовы трэба казаць так: яны стаяць — з бакоў. Але ўрэшце, вы надумаліся заняцца сабою. Як даехалі? Ці не пакамячылася на вас вопратка, ці яна не запэцкалася? І па-расейску свае дзеяньні, вы таксама, перадасьцё дзеясловам осматриваться. У нашай жа мове добра ўжытым дзеясловам будзе — не аглядацца ці азірацца, бо гэта — назад, не разглядацца, бо гэта — вакол і вонкі, а менавіта — абглядацца. Сябе вы акурат — абглядаеце, абглядваеце, і менавіта — з бакоў (у люстэрку — разглядваеце). А далей, едучы коньмі ў брычцы, ды па гразкай дарозе, вы абпырскаліся, натуральна, з бакоў. І вось пасьля ўсяго, як толькі разгледзеліся на мясцовасьці ды абгледзеліся самыя, вы бачыце: вада ў вас цячэ — па бакох, у каня авадні ды бонкі поўзаюць — таксама — па бакох. Тут і спатрэбілася забракаванае на пачатку слова*спалучэньне! Гэткая розьніца ў беларускім і расейскім сынтаксе ды словаўжываньні, відаць, невыпадковая. Калі ў расейскай мове тарнуюцца два розныя словы сторона й бок, дык у беларускай — маем пераважна адно: бок. Слова старана ўзьнікае спарадычна, часьцяком як дыялектнае. А нястача — кампэнсуецца сынтаксычнай шматстайнасьцю: разглядацца вакол на бакі, абглядацца з усіх бакоў, аглядацца назад, поўзаць па бакох... І, калі вы ўжо добра разабраліся, дзе трэба — разглядацца, дзе — аглядацца ды азірацца, а дзе — абглядацца, калі ведаеце, дзе ўжыць — на бакі, дзе — з бакоў, а дзе — па бакох, дык ня надта й страшна будзе, як раптам напішаце «па баках». Абы не наадварот — усюды зухавата крэмзаць «па бакох», а рэшты ня ведаць. <...>
Такіх прыкладаў процьма, на кожным кроку. Якая граматыка іх апіша! І дзе тут лексыка, дзе сынтакс, а дзе сэмантыка — адказаць няпроста. Часамі можна пачуць меркаваньне, быццам лексыка — лухта, галоўнае — сынтакс. Але дзе сканчаецца лексыка й пачынаецца сынтакс? Скажам, старабеларускім словам выступнік, выступак адпавядала словазлучэньне выступіць з права, а расейскім словам преступник, преступление, адпавядае — преступить закон. Тут, як бачым, структура сынтагмы й структура лексэмы цесна карэлююцца. Усё гэта й ёсьць сыстэмнасьць мовы. Гэта й ёсьць тое моўнае бачаньне, якое ўсмоктваецца з малаком маці або... набываецца страшэннымі высілкамі ўсяе нацыі, а ня проста вывучваецца як правапісныя нормы.
Bookmarks